воскресенье, 8 марта 2020 г.


ПАМЯТКА ПА РАБОЦЕ НАД ПАМЫЛКАМІ ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ

1. ПРОПУСК, ЗАМЕНА ЛІТАР.
Напішы слова правільна, падкрэслі літару, пастаў націск, запішы гэта слова яшчэ раз, падзяляючы яго на склады.
Рабі так: Малíна, ма/лі/на.

2. ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ Ў КАНЦЫ СКАЗА.
Напішы сказ, пастаў патрэбны знак, падкрэслі яго. Запішы яшчэ адзін сказ з такім знакам.
Рабі так: Прыляцела ластаўкаПрашумела навальніца.
Якая прыгажосцьГэта ж вавёрка!
Запомні! У канцы сказа ставіцца кропка(.), пытальнік(?) ці клічнік(!). Выбар знака прыпынку залежыць ад сэнсу сказа і інтанацыі, з якой ён вымаўляецца.

3. ВЯЛІКАЯ ЛІТАРА Ў ПАЧАТКУ СКАЗА.
Напішы сказ правільна, прыдумай і запішы яшчэ 1 сказ, падкрэслі вялікую літару.
Рабі так: Узняўся вецер. Паліў дождж.
Запомні! Першае слова ў сказе пішацца з вялікай літары.

4. ВЯЛІКАЯ ЛІТАРА Ў СЛОВАХ.
Напішы слова правільна, запішы яшчэ 2 слова на гэта правіла, падкрэслі вялікую літару.
Рабі так: Васіль, Вольга, Янка. Або: Нёман, Днепр, Свіслач.
Запомні! Імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, мянушкі жывёл, назвы краін, гарадоў, вёсак, вуліц, рэк, азёр, мораў пішуцца з вялікай літары.

5. ПЕРАНОС СЛОЎ.
Напішы слова правільна, падзяляючы яго для пераносу. Запішы яшчэ 3 словы.
Рабі так: Асі-на, сяб-роў-ка, лі-лея, агу-рок.
Запомні! Словы трэба пераносіць па складах. Адну літару нельга пакідаць на радку ці пераносіць на другі радок: пяю, юнак.
Літары й, ў, ь пры пераносе нельга аддзяляць ад папярэдняй літары: пай-шлі, роў-ны.
Пры пераносе слоў з падвоенымі літарамі адна застаецца на радку, а другая пераносіцца: калос-се, гал-лё.
Пры пераносе слоў літары дз, дж падзяляць нельга: сту-дзень, ся-джу.

6. СЛОЎНІКАВЫЯ СЛОВЫ.
Запішы слова правільна, пастаў націск, запішы яшчэ раз, падзяляючы на склады, падкрэслі літару, якую трэба запомніць.
Рабі так: Медáль, ме/даль.
Запомні! Напісанне гэтых слоў трэба запомніць ці паглядзець у слоўніку.

7. ПРАВАПІС Ў.
Напішы слова або словазлучэнне правільна, запішы яшчэ 2 слова на гэта правіла, падкрэслі галосную перад ў і саму ў.
Рабі так: Маляваў, чытаў, дрэўца. Або: Жыве ў лесе, хацелася ўбачыць.
Запомні! Літара ў (у нескладовае) пішацца заўсёды пасля галосных у сярэдзіне слова, і ў канцы, а ў пачатку, калі папярэдняе слова заканчваецца на галосную.
Пасля знакаў прыпынку літара ў не пішацца, а пішацца у.
Літара ў не бывае вялікай: вуліца Усходняя, балерына Уланава.



8. ПРАВАПІС ГАЛОСНЫХ О, Э, А.
Напішы слова правільна. Запішы, ад якога слова яно ўтварылася, пастаў націскі. Запішы яшчэ 2 пары слоў на гэта правіла.
Рабі так: Дамы-дóм, гарады-гóрад, бары-бóр. Або: Ракá-рэкі, цанá-цэны.
Запомні! У беларускай мове галосныя о, э могуць быць толькі пад націскам, не пад націскам замест іх пішацца літара а.
Словы-выключэнні: тэлегрáма, дэтáль, óрдэн, гардэрóб, фламáстар, тэлевíзар і інш.

9. ПРАВАПІС ГАЛОСНЫХ Е, Ё, Я.
Напішы слова правільна, пастаў яго ў множным ліку, абазнач націск, запішы яшчэ 2 словы на гэта правіла.
Рабі так: Сялó – сёлы, вярбá – вéрбы, зямля – зéмлі.
Запомні! У беларускай мове замест літар е, ё ў першым складзе перад націскам пішацца я.
Словы-выключэнні: медáль, метрó, легéнда, пенáл, спектáкль, мелóдыя, герóй і інш.

10. ПАРНЫЯ ЗВОНКІЯ І ГЛУХІЯ ЗЫЧНЫЯ.
Напішы слова правільна, падбяры праверачнае. Запішы яшчэ 2 словы на гэта правіла.
Рабі так: Грыб – грыбы, плод – плады, нізкі – нізенькі.
Запомні! Напісанне слоў з парнымі зычнымі на канцы слова і перад глухімі зычнымі трэба правяраць. Трэба падабраць праверачнае слова, каб пасля зычнай стаяла галосная.
Звонкія і глухія зычныя ўтвараюць наступныя пары: б-п, г-х, д-т, дз-ц, дж-ч, ж-ш, з-с.

11. АБАЗНАЧЭННЕ МЯККАСЦІ ЗЫЧНЫХ НА ПІСЬМЕ МЯККІМ ЗНАКАМ.
Напішы слова правільна, запішы яшчэ 2 словы на гэта правіла, падкрэслі зычную з ь.
Рабі так: Вугаль, рысь, канькі.
Запомні! Мяккасць зычных на пісьме абазначаецца ь, а таксама літарамі е,ё,ю,я,і.

12. ЗЫЧНЫЯ Б, П, М, Ф НА КАНЦЫ СЛОЎ.
Напішы слова правільна, запішы яшчы 2 словы на гэта правіла, падкрэслі зычную.
Рабі так: Глыб, восем, россып.
Запомні! Зычныя б, п, м, ф на канцы слоў заўсёды вымаўляюцца цвёрда, таму на пісьме мяккі знак пасля іх не ставіцца.

13. ЗЫЧНЫЯ Ж, ДЖ, Ч, Ш, Р І ГАЛОСНЫЯ ПАСЛЯ ІХ.
Напішы слова правільна, запішы яшчэ 2 словы на гэта правіла, падкрэслі зычную разам з галоснай.
Рабі так: Вожык, жалеза, жоўты.
Запомні! Зычныя ж, дж, ч, ш, р- зацвярдзелыя, яны вымаўляюцца заўсёды цвёрда. Пасля іх пішуцца галосныя а, о, у, э, ы.

14. ПРАВАПІС Д – ДЗ'.
Напішы слова правільна, запішы яшчэ 2 словы на гэта правіла, падкрэслі зычную разам з галоснай.
Рабі так: Дзень, дзеці, адзіны.
Запомні! У беларускай мове гук [д] заўсёды толькі цвёрды, а гук [дз']- мяккі. Пасля д пішуцца літары а, о, у, ы, э, пасля дз' – літары я, ё, е, ю, і, ь.

15. ПРАВАПІС Т - Ц'.
Напішы слова правільна, запішы яшчэ 2 словы на гэта правіла, падкрэслі зычную разам з галоснай.
Рабі так: Ляцеў, цень, ціха.
Запомні! У беларускай мове гук [т] заўсёды толькі цвёрды, а гук [ц']- мяккі. Пасля т пішуцца літары а, о, у, ы, э, пасля ц' – літары я, ё, е, ю, і, ь.
У беларусай мове ёсць і цвёрды гук [ц] : цэгла, цыбуля, цукар.

16. ПАДОЎЖАНЫЯ ЗЫЧНЫЯ.
Напішы слова правільна, падзяляючы яго для пераносу. Запішы яшчэ 2 слова на правіла.
Рабі так: Гал-лё, на-сен-не, збож-жа.
Запомні! Падоўжанае вымаўленне зычных ж,з, л, н, ц, ч, ш на пісьме перадаецца дзвюма літарамі. Падоўжанае дз на пісьме перадаецца спалучэннем літар ддз: суддзя.

17. РАЗДЗЯЛЯЛЬНЫ ЗНАК АПОСТРАФ (').
Напішы слова правільна, запішы яшчэ 2 словы на гэта правіла, падкрэслі літары, якія раздзяляюцца апострафам.
Рабі так: Пер'е, вераб'і, сям'я.
Запомні! У некаторых словах зычныя з галоснымі е,ё,і,ю,я вымаўляюцца раздзельна. На пісьме такое вымаўленне абазначаецца апострафам (').

18. РАЗДЗЯЛЯЛЬНЫ МЯККІ ЗНАК.
Напішы слова правільна, запішы яшчэ 2 словы на гэта правіла, падкрэслі ь і літару, якая стаіць перад ім.
Рабі так: Залью, мільён, Ульяна.
Запомні! Раздзяляльны мяккі знак пішацца пасля л перад галоснымі е, ё, ю, я, і.
19. ПРЫНАЗОЎНІК.
Напішы правільна прыназоўнік і слова, да якога ён адносіцца, паміж прыназоўнікам і словам устаў пытанне або іншае слова.
Рабі так: У лес, у (які?) лес, у восеньскі лес.
Запомні! Словы у, на, за, са, да, на, з, пад, каля - прыназоўнікі, якія са словамі пішуцца асобна.

20. НЕ З ДЗЕЯСЛОВАМІ.
Напішы правільна дзеяслоў і часціцу не. Запішы яшчэ 2 дзеясловы з часціцай не.
Рабі так: Не чытала, не гаварыла, не шуміць.
Запомні! Не з дзеясловамі пішацца асобна.

21. АДНАРОДНЫЯ ЧЛЕНЫ СКАЗА.
Напішы сказ правільна, падкрэслі патрэбныя знакі прыпынку. Запішы яшчэ 1 сказ.
Рабі так: Людзі, жывёлырасліны хварэюць. У пенале ляжыць аловак, ручка.
Запомні! Члены саза, якія адказваюць на адно пытанне і звязаны па сэнсу з адным і тым жа словам, называюцца аднароднымі. На пісьме паміж аднароднымі членамі сказа ставіцца коска. Аднародныя члены сказа могуць быць звязаны злучнікамі. Перад злучнікамі а, але заўсёды ставіцца коска. Перад злучнікамі і, ці, або, калі яны ужываюцца адзін раз, коска не ставіцца.

22. ПРАВАПІС КАНЧАТКАЎ НАЗОЎНІКАЎ.
Напішы слова правільна, з дапамогай табліцы вызнач, чаму трэба пісаць такі канчатак. Запішы яшчэ 2 словы з такім канчаткам.
Рабі так:Аб красуні (красуня–1-ае скл., М.скл, на мяккі зычны);аб прыгажуні.
Запомні! Каб праверыць, які канчатак трэба напісаць, неабходна:
1.      вызначыць скланенне і склон назоўніка;
2.      вызначыць, на які зычны гук заканчваецца аснова слова (на цвёрдымяккі, на ж,ш,ч,дж,р,ц, на г, к, х);
3.      даведацца пра канчатак назоўніка па табліцы.
23. ПРАВАПІС КАНЧАТКАЎ ПРЫМЕТНІКАЎ.
Напішы слова правільна, з дапамогай табліцы вызнач, чаму трэба пісаць такі канчатак. Запішы яшчэ 2 словы з такім канчаткам.
Рабі так: Асенняй (ночы) – ж.р., Д.скл, -яй, -ай, -ой; дарагой (матулі), цёплай.
Запомні! Каб праверыць, які канчатак трэба напісаць, неабходна:
1.      знайсці назоўнік, з якім звязаны гэты прыметнік;
2.      вызначыць род, лік, склон назоўніка (прыметнік будзе мець такі ж род, лік, склон);
3.      даведацца пра канчатак прыметніка па табліцы.

24. ПРАВАПІС КАНЧАТКАЎ ДЗЕЯСЛОВАЎ.
Напішы слова правільна, абазнач канчатак, утвары неазначальную форму дзеяслова, вызнач спражэнне. Запішы яшчэ 2 словы з такім канчаткам.
Рабі так: Вяжуць – вязаць – Ι спр.; пішуць, спяваюць.
Запомні! Каб правільна напісаць канчатак дзеяслова, трэба вызначыць яго спражэнне і даведацца пра канчатак дзеяслова па табліцы.

25. 2-АЯ АСОБА ДЗЕЯСЛОВА.
Напішы слова правільна, абазнач канчатак, запішы яшчэ 2 слова з такім канчаткам.
Рабі так: Пішаш – 2-ая асоба, гаворыш, робіш.
Запомні! Убеларускай мове канчаткі дзеясловаў 2-ой асобы –аш, -еш, -эш, -іш,
-ыш пішуцца без мяккага знака.


Комментариев нет:

Отправить комментарий